Роўнасць ці справядлівасць: як зрабіць абмеркванне больш прадуктыўным?

Кацярына Куксо, кандыдат пед.навук, фрылансерка

Звычайна, калі гаворка ідзе пра дылемы роўнасці і справядлівасці (ці больш ліберальнай або сацыялістычнай парадыгмы развіцця), то здараецца амаль адно і тое ж.

Гаворка ідзе хутчэй у стылістыцы “веру” ці “не веру”. Як з рэлігіяй.

Правыя часцей за ўсё вераць у тое, што свабода дасць магчымасці развіцця. І тыя людзі, якія скарыстаюцца гэтай свабодай і гэтымі магчымасцямі, прынясуць карысць грамадству. То бок у развітай эканоміцы жыць лепей усім. Да таго ж частка багатых можа накіроўваць свае сілы і на развіццё краіны.

Левыя вераць у тое, што калі мы зробім збалансаваную сістэму дапамогі, то больш людзей зможа прынесці карысць. Што дасягненні грамадства будуць даступныя максімальнай колькасці людзей. Што тыя, каму мы сёння дапаможам, заўтра будуць развівацца і далей.

З аднаго боку, мінулая гісторыя паказвае, што эканамічная свабода дае падставы для больш хуткага эканамічнага развіцця. З іншага боку, ва ўсім свеце нарастае тэндэнцыя да вялікага разрыву паміж багатымі і беднымі, адукаванымі і не-так-добра-адукаванымі. Калі мы гаворым пра тое, што хутка робаты стануць нашымі канкурэнтамі за працоўныя месцы, то найменш адукаваная частка грамадства ўвогуле на краі сацыяльнага абрыву… Напрыклад, розніца ў заробку двух чалавек можа быць 100-кратнай. А ці разумнейшы першы за другога і ці больш таленавіты ў 100 разоў? То бок, таленты размяркоўваюцца хутчэй як крывая Гауса. Але грошы – не, там можа быць разрыў у некалькі парадкаў.

Але!

Гэта запіс не дзеля таго, каб аднавіць спрэчкі паміж правымі і левымі. Хутчэй наадварот – пра тое, як абодва бакі маглі б дамовіцца. І каб дамовіцца, на мой погляд, лепей разважаць не на ўзроўні палітычных ілюзій і рэлігій, а на ўзроўні больш канкрэтных пытанняў.

Мне здаецца, што ёсць некаторая аксіёма (ці не?). Яна ў тым, што кожны вучань мае права атрымаць добрую адукацыю незалежна ад таго, дзе ён нарадзіўся і хто яго ці яе бацькі. 

Я не гавару пра “выбітную” ці “элітную” адукацыю (аб гэтым не зараз). А пра адукацыю, якая дае магчымасць мець шанцы знайсці месца на рынку працы і не быць паза мяжой беднасці.

Мне здаецца больш прадуктыўным гаварыць пра мэты, якія могуць быць агульнымі для розных бакоў. А ўжо потым абмяркоўваць, як гэта можна зрабіць у рамках кожнай з парадыгмаў. Напрыклад, мы гаворым пра гімназіі: павінны яны быць ці не? Але мы забываемся пра тое, што шмат якія гімназіі нават не з’яўляюцца гарантам якаснай адукацыі.

Тая аксіёма, што я прапанавала таксама недакладная, бо ў ёй ёсць вельмі абстрактнае слова “добрую” адукацыю. Пакуль што ў нас няма разумення, што такое “добрая адукацыя”. Ці ёсць у нас агульны мінімум і зразумелае апісанне якасці? Ці будзем мы гэта неяк вымяраць?

Прагучыць банальна і зусім не нова, але першы крок, як мне падаецца, знайсці агульныя мэты розных груп грамадства. Розных і ў сэнсе поглядаў на ідэальнае грамадства, і ў тым, якія бакі яны прадстаўляюць (настаўнікі, бацькі, вучні, кіраўнікі, чыноўнікі і г.д.). Потым можна рабіць мэты больш канкрэтнімі і планаваць крокі.

Інакш размовы пра адукацыю – гэта не дыскусіі пра тое, што мы можам зрабіць лепш, а толькі марныя разважанні і самапрэзентацыя… 

Падпісацца на абвестку аб новых матэрыялах:

Мы будзем дасылаць абвесткі пра новыя матэрыялы не часцей, чым раз на тыдзень (па суботах)

Падзяліцца
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1
Leave a Reply

avatar
1 Comment threads
0 Thread replies
0 Followers
 
Most reacted comment
Hottest comment thread
1 Comment authors
Тамара Мацкевіч Recent comment authors
  Падпісацца  
новыя старэйшыя most voted
Абвяшчаць аб
Тамара Мацкевіч
Guest
Тамара Мацкевіч

Добра, калі ў дэмакратычных грамадствах зямняецца ўлада. Прыйшлі правыя – краіна пабагацела. Праз нейкі тэрмін людзі выбыіраюць левых, тады частка гэтага багацця ідзе на сацыяльныя праграмы. Потым зноў правыя, каб эканамічныя свабоды далі ізноў назапасіць рэсурсаў…

Іншая праблема – у нашым грамадстве адукацыя не з’яўляецца сацыяльным ліфтом. Хіба што у адной сферы – ІТ, якая асоба не ўплывае на дабрабыт краіны.