Рызыкі школьнай «ураўнілаўкі», альбо Навошта патрэбны новыя крытэрыі якасці адукацыі?
Кацярына Куксо, кандыдат пед. навук, фрылансерка
У адукацыі і ў сістэме кіраванні ею зараз часта ідзе гаворка пра тое, што зваротная сувязь – моцны інструмент для паляпшэння. Калі ты ў спакойнай атмасферы атрымліваеш інфармацыю аб сваім прагрэсе (ці нават аб яго адсутнасці), то прасцей планаваць наступныя крокі. У гэтым артыкуле – пра тое, як пабудавана зваротная сувязь для дырэктараў беларускіх школ, што з ёй не так і што можна было б зрабіць інакш.
Як пабудавана зваротная сувязь зараз
Эфектыўнасць працы школ ацэньваецца ўжо шмат год. Ёсць лісты ацэнкі адукацыйных устаноў з колькаснымі крытэрыямі па трох паказчыках: для сярэдніх школ гэта зараз якасць адукацыі, захаванне здароўя вучняў, матэрыяльна-тэхнічная база школы. Яны распрацаваныя Міністэрствам адукацыі, школы запаўняюць свае дадзеныя. Па гэтай задумцы, школы можна параўноўваць па азначаных характарыстыках. Ацэнка школ ажыццяўляецца ўжо не міністэрствам, а на мясцовым узроўні.
На мой погляд, у гэтай сістэмы два плюсы:
Па-першае, паказчыкі падабраны колькасныя, таму параўноўваць мы можам больш-менш даставерныя факты.
Па-другое, сістэма не статычна, яна крыху змяняецца. Вось для параўнання крытэрыі 2012 і 2019 (у 2019 загад пра адкрыты конкурс устаноў адукацыі, але паказчыкі тыя ж).
Напрыклад, у 2012-м году быў паказчык – бал ЦТ вышэй за сярэдні па краіне. ЗГэтая метрыка выклікала шмат абурэння. Бо дзіўна параўноўваць ЦТ гімназій і вясковых школ. Да таго ж сярэдні бал ЦТ – гэта індыкатар для вымярэнняў. У такім выпадку ўсё адно прыблізна палова школ будзе паза мяжой, бо ў аснове сярэдняе арыфметычнае для ўсіх устаноў. Так, у новым варыянце гэты паказчык ужо прыбралі. Де-юрэ, няма ў спіке і адсотка вучняў, якія нідзе не працуюць альбо не вучацца пасля 9/11 класа. Аднак дэ-факта гэта ўсё яшчэ важны паказчык ацэнкі школ.
Але хацелася б разглядзець таксама і мінусы такога падыхода:
Па-першае, шмат крытэрыяў знаходзяцца фактычна паза межамі рэальнага ўплыву з боку дырэктара ці школы. Напрыклад, матэрыяльна-тэхнічная база наўпрост залежыць ад фінансавання (колькасць кампутараў). Напрыклад, калі Белтэлекам ці А1 не плануюць весці шыракапалосны інтэрнэт у які-небудзь аграгарадок, то як ён там можа апынуцца па ініцыятыве дырэктара?
Траўматызм мне падаецца хутчэй верагоднастнай гісторыяй. У школе Х хлопчык ішоў па лесвіцы і няўдала ўпаў, а ў школе У дзяўчынка бегла, але стрымалася на нагах. На жаль, траўмы здараюцца, але ці гэта сапраўды паказчык працы школы?
Па-другое, школы часта ацэньваюцца мясцовымі ўладамі толькі з пазіцыі “лепшы/горшы”. То бок паказчыкі збіраюцца, школы рэйтынгуюцца – і…. апошніх караюць, першых хваляць. Гэта атрымліваецца ўвогуле не пра зваротную сувязь. І гэта не дае падстаў для развіцця. Школы (і ў прыватнасці кіраўнікі) адчуваюць ціск, але не атрымліваюць дапамогу. Да таго ж больш “сціскаюць” школы, якія з самага пачатку ў горшых умовах (усё тыя ж вясковыя без хуткага інтэрнета і алімпіаднікаў, а яшчэ і з кадравым голадам).
Па-трэцяе, сфармуляваныя паказчыкі і сістэма ціску спрыяюць імітацыі дзейнасці і гвалту над вучнямі. “Таааак, мы не дацягваем па паказчыках факультатываў, удзелу ў конкурсах і актыўнасці па суботах, а ну ўсіх у школу!”.
У гэтым выпадку могуць быць такія пабочныя негатыўныя эфекты:
- Факультатывы праводзяцца “абы былі”, дзяцей пасля школы яшчэ заганяюць на нецікавыя для іх факультатывы;
- Бацькі хацелі б правесці час са сваімі дзіцяці, але тым трэба ў суботу быць у школе “абы быць”, з таго часам і канфлікты і стомленасць;
- Калі ацэньваць удзел у конкурсах, якіх зараз тысячы, то гэта дадатковая не вельмі асэнсаваная нагрузка на настаўнікаў. Большасць конкурсаў – гэта не пра рэальнае развіццё, а малюнкі, вершыкі…
- Калі ў вучня нізкія балы у 9-м класе, то школе выгадна сплавіць яго ў вучылішча, а не вучыць далей. Погляд вучня? Не, не цікавіць, ёсць жа крытэрыі.
Я бы адзначыла, што ёсць школы, якія не ідуць на здзелку з д’яблам і не прымушаюць да бессэнсоўных спраў. Але калі крытэрыі замацаваны дзяржавай, то цяжка ім не адпавядаць.
Апошняе, але найбольш важнае: а што тут увогуле пра якасць адукацыі? Міністэрства хацела ацэньваць школы па ЦТ, выйшла дрэнна. Але альтэрнатыву не прыдумалі. І выйшла яшчэ горш, бо крытэрыі занадта ў стылі “ўраўнілаўкі” – аб усім і не аб чым. У выніку мясцовыя ўлады “ацэньваюць школы па нейкіх ілюзорных паказчыках, школы канцэнтруюцца на няважных рэчах, і ўсе навокал злыя і незадаволеныя адзін адным. Бацькі і вучні, яких прымушаюць да імітыцыі, удзелу дзеля удзелу. Настаўнікі пакутуюць ад празмернай нагрузкі. Кіраўнікі школ робяць кучу справаздач і атрымліваюць сваю порцыю ганьбы пры разборах палётаў.
А ці можна лепей?
Здаецца, што так. Беларусь не адзіная краіна ў свеце, у якой ёсць крытэрыі якасці адукацыі. Але ёсць лепшыя мадэлі працы са школамі, чым зараз у нас. Паспрабую прапанаваць некаторыя з рашэнняў:
- Не ацэнка, а зваротная сувязь
Ацэньваць працу школ павінны:
- НЕ мясцовыя ўлады, якія часам не маюць адпаведная кампетэнцыі,
- НЕ з пазіцыі “дрэнна-добра”. Адным прэміі выдадзім, а другім – не.
Трэба каб гэта была больш незалежная інстытуцыя, прадстаўнікі каторай не наказваюць школы (и не раздаюць прэміі), а разам з імі шукаюць шляхі. Зараз цяжка сказаць, хто гэта можа быць. Магчыма аддзел міністэрства ці АПА, ці рэгіянальныя інстытуты якасці адукацыі, ці наогул незалежныя экспертныя групы. Але толькі з разуменнем, у чым розніца паміж ганьбой і зваротнай сувяззю.
- Выдзяленне кластэраў школ
Давайце не будаваць ілюзій наконт таго, што ў нас усе школы аднольвавыя і што іх можна ацаніць адным інструментам. Паказчыкі якасці працы вясковай школы і абласного ліцэя – гэта ўвогуле розныя сусветы. Здаровая алімпіядная канкурэнцыя для гімназій – ну добра. Але ў больш сціплых школах не трэба давіць на настаўнікаў. Там зусім іншыя паказчыкі якасці, бо іншыя праблемы.
Крытэрыі павінны быць распрацаваны больш дакладна для розных тыпаў школ (яны звычайна называюцца кластэрамі): напрыклад, вясковыя школы з невялікаў напаўняльнасцю класаў, школы ў цяжкіх сацыяльных кантэкстах, гімназіі і ліцэі і г.д. Школы ўсё адно збіраюць статыстыку па сацыяльным кантэксце вучняў: гэтыя дадзеныя могуць быць выкарыстоўваны для пошуку і выдзялення кластэраў школ паводле іх становішча.
Гэта дапаможа вырашаць рэальныя праблемы школ, а не пытацца зрабіць рэйтынгі паводле неважных характарыстык.
- Перагляд паказчыкаў
Калі ў нас ёсць кластэры школ і сітуацыя бяспекі для школ, можна думаць аб тым, як змяніць паказчыкі.
Тут ёсць некалькі прапаноў:
- Выключыць са спіску тое, што мала залежыць ад школы. Школа неаўтаномна ў распараджэнні сваім бюджэтам, таму забяспечаннасць школы – гэта адказнасць не школы, а мясцовых уладаў.
- Зрабіць паказчыкі больш накіраванымі на адукацыю, а не імітацыю. Калі мы не параўноўваем розныя школы і не наказваем іх, то можна абмяркоўваць вынікі ЦТ і маніторынгавых работ. Яшчэ раз адзначу: у якасці падставы для размовы і пошуку шляхоў паляпшэння, а не падставы для пакарання школы. А таксама з улікам сацыяльнага становішча сем’яў, якія навучаюць дзяцей у гэтых школах.
- Зрабіць розныя паказчыкі для розных школьных кластэраў. Не трэба вымераць адной лінейкай усе школы краіны.
Рызыкі
Аніякую прапанову нельга разглядаць як універсальнае рашэнне. У гэтай прапановы таксама ёсць значныя рызыкі. І мне хацелася б звярнуть увагу і на іх:
- Адна з самых важных характарыстык зваротная сувязі – гэта давер паміж удзельнікамі. У існуючай жа сістэме недавер усіх да ўсіх – гэта адметная рыса беларускай адукацый. Калі маніторынг будзе праводзіць нехта з каштоўнасцямі сістэмы, што ў нас склалася, можа быць нават горш, чым лепей.
- Каб вызначаць крытэрыі ацэньвання школ увогуле, трэба дакладна ведаць мэты нашай адукацыі, мець канцэпцыю яе развіцця. Інакш крытэрыі будуць выпадковымі.
- Часам канцэнтрацыя толькі на колькасных крытэрыях (у абыход якасных) можа нашкодзіць. Колькаснымі характарыстыкамі таксама можна маніпуляваць, не паляпшаючы якасць насамрэч. Для ўкаранення якасных крытэрыяў трэба яшчэ больш даверу і дыялогу: з бацькамі, з грамадствам, з настаўнікамі.
- Кожнае вымярэнне заўсёды звязана са зборам дадзеных. Важна, каб гэта былі толькі самыя значныя паказчыкі і каб большасць з іх не патрабавала дадатковых дзеянняў настаўнікаў.
Чаму гэта важна?
Крытэрыі ацэнкі вынікаў работы школы – гэта вельмі значны дакумент. Як ЦТ накіроўвае энергію вучняў у адпаведнае русла, так крытэрія якасці даюць напрамак развіцця школ.
Пакуль што гэта, як мне падаецца, шлях у нікуды. Ці, калі быць дакладней, шлях да імітацыі развіцця, а не реальнага росту якасці. Шлях да ўсё большага укаранення прынцыпу “я кіраўнік, ты – дурань”, бо бяздумнае рэйтынгаванне вядзе да абразы тых, хто і так у цяжкіх абставінах, а не да дапамогі.
І таму пытанне (адказы можна дадаваць у каментарах да артыкулу): якія крытэрыі вам падаюцца слушнымі для якіх тыпаў школ?