Адукацыя ў стыле “неяк будзе”

Кацярына Куксо, кандыдат пед.навук, фрылансерка

Булгакаўскі Воланд неяк казаў, што чалавек не можа планаваць сваё жыццё на колькі-небудзь значны тэрмін. Чалавек нават не ведае, што здарыцца сёння ўвечары.  Беларуская адукацыя, здаецца, таксама існуе ў рэжыме “па Воланду”. І ўвогуле надта залежыць ад таго, ці не разліла сёння Анушка алей. Гучыць дзікавата? Паспрабую растлумачыць. 

Роўнасць ці багацце? 

У адукацыйных сістэмах свету шмат год вядзецца спрэчка паміж дзвюма супрацьлеглымі пазіцыямі: сацыялісты звычайна выступаюць за “роўнасць магчымасцяў”, а правыя партыі – за “багацце  магчымасцяў” (ці яшчэ за свабоду выбару магчымасцяў).  

То бок першыя гавораць пра тое, што кожны вучань незалежна ад эканамічнага статуса бацькоў, паходжання, месца нараджэння мае права на роўныя стартавыя магчымасці. Усе разумеюць, што гэта недасягальны ідэал.  Скажам, школа дзе-небудзь у Оксфардзе апрыёры лепш “забяспечана” высакакласнымі выкладчыкамі і матываванымі разумнымі навучэнцамі, бо побач выдатнейшы ўніверсітэт. У працоўным прадмесці Лондану такое асяроддзе стварыць амаль немагчыма. Тым не менш, ідэя роўнасці задае вектар развіцця сістэмы адукацыі.  

Пры парадыгме “роўнасці” дзеці звычайна ідуць у школу па месцы жыхарства, установы не дзеляцца па статусах і аб’ёмах фінансавання (напрыклад, на звычайныя ці гімназіі), адукацыйныя праграмы і падручнікі часцей за ўсё аднолькавыя па ўсёй краіне. Мэта не ў тым, каб вырасціць геніяў (яны і самі неяк вырастуць), а ў тым, каб забяспечыць якаснай адукацыяй як мага больш людзей. Класічны сацыялістычны прыклад – гэта Фінляндыя. Таксама можна вызначыць Італію, Францыю.  

Звычайная крытыка такога падыхода ў тым, што: 

  • немагчыма знайсці ўніверсальныя для ўсіх школ і вучняў рашэнні; 
  • калі мы арыентуемся на “выцягванні з балота” слабых, моцныя абмяжоўваюцца; 
  • усе розныя, таму роўнасць (нават роўнасць магчымасцяў) утапічна.     

Прыхільнікі “багацця магчымасцяў” выступаюць за тое, каб у кожнага вучня была свабода выбару ў залежнасці ад яго запытаў, схільнасцяў, задаткаў. За тое, каб школы маглі быць вельмі рознымі, аўтаномнымі . Ідэя свабоды выбару задае вектар развіцця.  

У такіх сістэмах звычайна больш элітных школ, дзе закладваецца будучыня нацыі. Лепшыя вучні маюць магчымасць выціснуць максімум са сваіх талантаў. Больш “сціплыя” школы ў такім выпадку канцэнтруюцца на падрыхтоўцы дзяцей да працоўных спецыяльнасцяў. Звычайна існуе магчымасць выбару навучальных планаў, школьная аўтаномія. То бок кожны на “сваім месцы”. Стаўка робіцца на тое, што таленты рухаюць краіну наперад. Ў якасць прыкладаў такіх сістэм – ЗША, Вялікабрытанія, Сінгапур. 

Асноўная крытыка: 

  • свабода выбару – гэта таксама ўтопія. Даследванні паказваюць, што дзеці багатых бацькоў са старта маюць лепшыя шанцы, і з кожным крокам розніца паміж моцнымі і слабымі ўзрастае. 
  • у эліты і так усё будзе добра. Дапамога патрэбна тым, каму менш пашансіла.  

Каб не пісаць шмат, лепш такі комікс ад Pencilsword (пераклад на рускую мову): 

 

  

 

 Пра сістэмы супрацьвагаў і кампенсацый 

Скажу адразу, што “выключна сацыялістычныя” ці “выключна капіталістычныя” сістэмы – гэта рэдкасць. Да таго ж у кожнай краіне ёсць тыя ці іншыя механізмы, якія дапамагаюць стварыць сістэму “супрацьвагаў”. То бок некаторыя меры, каб пазбегнуць тыповых недаскаднасцяў сістэмы. 

 Напрыклад, пры парадыгме роўнасці могуць існаваць дадатковыя праграмы па выбары, праграмы работы з талентамі. Хаця асноўная праграма і патрабаванні задаюцца дзяржавай, могуць існаваць прадметы па выбары, прафілізацыя ў старэйшых класах ці нешта падобнае. 

Пры парадыгме разнастайнасці дзяржава імкнецца да таго, каб у моцных вучняў з цяжкім бэкграундам была магчымасць апынуцца ў элітная школе, калі ён ці яна мае здольнасці. Напрыклад, можа існаваць сістэма стыпендый (як у ЗША). То бок стварыць так званыя “сацыяльныя ліфты” паміж багатымі і беднымі. Для школ у складаных сацыяльных кантэкстах, дзе большасць дзяцей з праблемных сем’яў, ствараюцца спецыяльныя праграмы падтрымкі і гэтак далей.  

Парадаксальна, але даволі цяжка сказаць, якая парадыгма больш эфектыўная. Па выніках міжнародных параўнальных тэстаў, краіны з рознымі парадыгмамі могуць дасягаць падобных сярэдніх вынікаў. У першым выпадку будзе меншы роскід паміж моцнымі і слабымі, але ж адпаведна будзе менш і “супергерояў” – і наадварот. 

Здаецца, асноўны фактар іншы: якасць кіраўніцтва адукацыйнай сістэмай. Ну, і канешне, аб’ем фінансавання ў сістэму адукацыі. Усё ж, калі мы паглядзім на рэйтынг PISA, то наверсе будуць больш багатыя рэгіёны (з некаторымі выключэннямі), а ўнізе – бедныя.   

 

Беларуская адукацыя ў рэжыме “неяк будзе” 

Надзіва, у большасці краін пазіцыя наконт адукацыі больш-менш кансалідаваная. Спрэчкі заўсёды ёсць, але курс звычайна не змяняецца вельмі рэзка. То бок кансерватары і лібералы, сацыялісты і капіталісты, нягледзячы на спрэчкі па іншых пытаннях, звычайна збольшага ўдала дамаўляюцца аб нейкім “сярэднім шляху” для адукацыйнай сістэмы. Потым гэтая сістэма рэалізуецца на ўзроўні дзяржаўных рэформаў, на узроўні рашэнняў міністэрства адукацыі, у асобных школах. 

Падуе новы палітычны ветрык – і “стратэгія” змянілася. Мы то за збліжэнне з еўрапейскімі традыцыямі – і гаворым пра 12-гадовае навучанне, балонскую сістэму, дэцэнтралізацыю і г.д. Новы ветрык – мы зноў вяртаемся да савецкай сістэмы, 5-бальных адзнак і татальнага кантролю.  

Прыйдзе новы міністр – і “стратэгія” змянілася. І часцей за ўсе гэта праходзіць у стыле “усе тыя, хто быў раней, дурні”. То бок, усё тое, што было раней, трэба перабудаваць. 

З’явяцца нейкія рэзанансныя навіны, новыя ўводныя – і “стратэгія” змянілася. Напрыклад, час старта заняткаў перанясецца ці яшчэ што… 

Але ж… Можа, справа ў тым, што і не было ў нас гэтай “стратэгіі”? Не, паперы з такой назвай ёсць, а стратэгіі… няма. У гэтым сэнсе даволі смешна гучыць цытата з стратэгіі развіцця вышэйшай адукацыі 2015-2020 пра мінулую праграму развіцця: 

Фактором, затруднившим выполнение Программы, явилась и реформа образования 2008 г., в ходе которой был осуществлён переход к 11 -летней общеобразовательной школе, ликвидированы профильные и лицейские классы, сокращено время на изучение отдельных учебных дисциплин (Декрет Президента Республики Беларусь от 1 7.07.2008 № 15 «Об отдельных вопросах общего среднего образования»). Данные меры привели к унификации школьных образовательных программ, затруднили работу по отбору и привлечению лучших абитуриентов на педагогические специальности. В результате в системе педагогического образования обострились проблемы, связанные с необходимостью обновления содержания подготовки педагогических кадров с учётом изменившихся требований, усиления её практикоориентированности, преемственности и непрерывности, повышения привлекательности педагогической профессии и ряд других.” 

 Стратэгія – гэта, зразумела, не штосьці нязменнае. Яе немагчыма напісаць раз і назаўсёды і потым проста прытрымлівацца. Жыццё заўсёды ўносіць карэктывы, выяўляе памылкі… Але ж нейкая абгрунтаваная, доўгатэрміновая, абмеркаваная з прадстаўнікамі школы, бацькамі, навукова фундзіраваная стратэгія можа і павінна быць першаснай. Дзейнасць міністэрства ў гэтым сэнсе – другасная гісторыя.    

Сацыялістычныя паўмеры

Калі няма вялікай ідэі, ёсць некалькі пабочных эфектаў:  

  • Чыноўнікі сёння робяць адно, а заўтра – іншае. Гэта не толькі неэфектыўна, але ж яшчэ і дорага. У нас не так многа грошаў у адукацыйным бюджэце, каб ён мог вытрымаць такія траты. 
  • Усе навокал незадаволеныя, бо не разумеюць, чаму зноў нешта змяняецца. Ужо ж сто разоў змянялася, а лепей не стала…   
  • Хуткія рашэнні звычайна не вырашаюць праблему, а проста яе маскіруюць. Часцей за ўсё, нязграбна атрымоўваецца. 

 Вось толькі некалькі прыкладаў такіх палавінчатых рашэнняў: 

  • Мы ўсе ведаем, што ў нас аграменны разрыў паміж вясковымі школамі і, скажам, сталічнымі. Каб стварыць роўныя шанцы для выпускнікоў сельскіх школ на паступленне, мы проста гаворым, што вось ёсць фактар “сярэдняга бала атэстату”. То бок мы гучна гаворым, што мы не лічым іх годнымі, проста адметкі вышэй ставім. 
  • Каб стварыць роўнасць, мы моцных робім больш слабымі, а не наадварот. Мы шмат гаворым пра гімназіі (павінны яны быць ці не), што яны не павінны сцягваць усю эліту. Але ці ёсць у нас працуючыя праграмы падтрымкі слабых школ? 
  • Імкнемся падняць прэстыж прафесіі настаўніка, але ў той жа час дэманструем аграменны недавер да тых настаўнікаў, што зараз працуюць у школах.  

 

*** 

Ведаеце, у гэтай сітуацыі вельмі хочацца сказаць: “Ну, няхай ужо ў нас распрацуюць і прымуць адэкватную стратэгію развіцця, якой можна было б прытрымлівацца”.  

Але ж адкуль ёй узяцца? 

Мы часта гаворым пра тое, што там не падабаецца, якія памылкі робяцца зверху. А ці ёсць у нас пазіцыя, як павінна быць? Такая, наконт якой можна было б размаўляць, якую хочацца абмяркоўваць? Пра якую і паспрачацца цікава? Мы паміж сабой амаль ніколі і не гаварылі, а якая ў нас павінна быць парадыгма. Кожны з нас часцей за ўсё “супраць” нечага, а не “за” штосьці. 

Карацей кажучы, беларуская адукацыя функцыянуе пакуль што ў стыле “неяк будзе”… Можа, не будзем чакаць Анушку і пачнем абмяркоўваць зараз? 

Гэта, дарэчы, можна зрабіць на гэтым сайце ў “Праблемах” і “Рашэннях” 

Падпісацца на абвестку аб новых матэрыялах:

Мы будзем дасылаць абвесткі пра новыя матэрыялы не часцей, чым раз на тыдзень (па суботах)

0 0 votes
Article Rating
Падзяліцца
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
Падпісацца
Абвяшчаць аб
guest
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments